Осуществляем набор в группы по переподготовке водителей механических транспортных средств категории «В» на право управления транспортными средствами категории «С» и водителей механических транспортных средств категории «С» на право управления составами транспортных средств категории «СЕ». Желающие дополнительно могут пройти подготовку на сертификат водителя-международника.

Справочная информация и запись по телефонам 80171860967, +375297004306 (МТС), +375295020275 (МТС).

Кандрат Крапiва

КАНДРАТ КРАПІВА

Кандрат Кандратавіч Атраховіч

(1896 - 1991)


Я ў мастацкім агародзе

Толькі марная трава.

А якая? Смех, дый годзе:

Я – пякучка – крапіва.

Я расту вось тут пад плотам

І не так даўно ўзышла,

А ўжо многім абармотам

Рукі-ногі апякла.

Кандрат Кандратавіч Крапіва нарадзіўся 5 сакавіка 1896 года ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна ў сялянскай сям'і. Пра жыццёвы і творчы шлях К. Крапіва падрабязна расказаў у аўтабіяграфіі "Ад маленства да сталасці". Вось, што ён піша пра сваё імя:

"Каб застрахаваць ад такога ж лёсу, які напаткаў маіх сямёра братоў і сясцёр, бабулькі параілі мне даць імя майго бацькі. Так і стаў я на ўсё жыццё Кандратам Кандратавічам. Як бы ўзрадаваліся бабулькі на тым свеце, калі б даведаліся, што я пражыў на свеце больш за шэсцьдзесят гадоў!"

У беларускіх сем'ях была добрая традыцыя: змалку ўключаць дзяцей ва ўсе пасільныя для іх віды працы, якой займаліся бацькі, гадаваць гаспадароў, а не гультаёў і абібокаў, выхоўваць адну з характэрных адметнасцей беларусаў – працавітасць. К. Крапіва з дзяцінства пасвіў свойскую жывёлу, дапамагаў бацьку ў полі, на падворку, у пуні, пазней касіў, араў, сеяў збажыну, малаціў яе. Калі хлопчыку споўнілася сем гадоў, яго аддалі ў царкоўнапрыходскую школу ў вёсцы Нізок, дзе ён авалодаў элементарнай пісьменнасцю.

Бацька заводзіць новую сям'ю і вырашае, што на зямлі застануцца дзеці ад другога яго шлюбу, а старэйшага, Кандрата, трэба пускаць на свой хлеб. Атраховіч-старэйшы вырашыў, што яго першы сын зможа жыць з навукі, а для гэтага яму трэба даць адукацыю. Пасля перапынку тэрмінам амаль год падлетка аддаюць у апошні клас народнага вучылішча ў мястэчку Узда, а затым хлопчык паступае ў Стаўбцоўскае народнае вучылішча. Ад свайго земляка, які вучыўся ў Койданаўскім вучылішчы падлетак даведаўся, што ў гэтай навучальнай установе ёсць бібліятэка. Гэтага аказалася дастатковым, каб К. Крапіва перавёўся ў Койданава (цяпер Дзяржынск).

Менавіта ў Койданаўскім вучылішчы К. Крапіва пачынае займацца вершаскладаннем. Вялікую ролю ў яго лёсе адыграў настаўнік літаратуры Іван Міхайлавіч Тоўсцік. Ён заўважыў у сваім выхаванцу творчыя здольнасці і заахвочваў да напісання вершаў. Першыя з іх складаліся па-руску і не былі самастойнымі. Спроба іх надрукаваць не мела поспеху, і юнак вырашыў назаўсёды развітацца з вершаскладаннем.

Койданаўскае вучылішча ніякай спецыяльнасці не давала. Далей сядзець на бацькавай шыі не выпадала, і юнак вырашае здаць экстэрнам экзамен на званне народнага настаўніка. Пазычыўшы ў аднавяскоўца тры рублі, К. К. Атраховіч падаўся ў Мінск, паспяхова здаў экзамены і атрымаў такі жаданы і патрэбны дакумент, які даваў права працаваць у школе, але атрымаў яго пазнавата: настаўніцкія пасада ўжо былі занятыя. К. Крапіва застаўся беспрацоўным.

Нарэшце восенню 1914 г. удалося атрымаць месца настаўніка ў пачатковай земскай школе ў вёсцы Мнішаны на Міншчыне. Рэалізавацца як педагог за год настаўніцкай дзейнасці ён не паспеў. Ужо ў 1915 годзе К. Крапіва быў прызваны ў войка. Як чалавек, які меў адукацыю, адразу быў накіраваны ў школу прапаршчыкаў. Удзельнічаў у баях на Румынскім фронце. Малады афіцэр трапіў у самае пекла вайны. На шчасце, ён уцалеў у гэтай крывавай бойні. Тут захварэў на брушны тыф.

Як настаўнік у лютым 1918 г. быў дэмабілізаваны, жыў у бацькоўскім доме і дапамагаў весці гаспадарку. Потым настаўнічаў у вёсцы Каменка на Уздзеншчыне. Да значнай падзеі гэтага часу трэба аднесці жаніцьбу са сваёй аднавяскоўкай Аленай Махнач і нараджэнне першынца. На жаль, радасць бацькоў была нядоўгай: хлопчык у хуткім часе памер.

У 1920-1923 гг. – зноў служыў камандзірам у Чырвонай Арміі. Менавіта тут К. Крапіва пачаў пасылаць у друк свае карэспандэнцыі. Першыя спробы пяра былі зроблены маладым пісьменнікам па-руску. У 1922 годзе ў газеце "Красноармейская правда" быў надрукаваны фельетон "Жылі-былі"; а ў газеце "Савецкая Беларусь" - верш "Сваты".

Паслаўшы свой твор на роднай мове ў "Савецкую Беларусь", у якім ён высмеяў тагачасныя парадкі, гэтай публікацыяй і засведчыў, што ў беларускай літаратуры з'явіўся новы арыгінальны талент.

Наступныя яго творы, якія друкаваліся на старонках найбольш папулярных перыядычных выданняў, зрабілі пісьменніка ўсенародна вядомым і любімым. Прыхільнікі таленту Кандрата Крапівы занепакоіліся, калі яго творы раптам зніклі са старонак друку. Пісьменнік, упэўніўшыся, што за ганарары сям'ю не пракорміш, вырашыў прадоўжыць бацькаву справу, вярнуўся ў родную вёску, заняўся будаўніцтвам хаты. Намерам пісьменніка не суджана было збыцца. Сябры-пісьменнікі таксама пачалі настойліва клікаць Кандрата Крапіву ў Мінск і абяцалі працаўладкаванне. Вясной 1925 г. пераязджае ў Мінск і актыўна ўключаецца ў жыццё літаратурнага аб'яданання "Маладняк", а потым "Узвышша". Піша апавяданні, сатырычныя вершы, паэмы, байкі. Невыдадкова ў 1925 годзе з'яўляюцца ажно тры яго зборнікі: "Апавяданні", "Асцё", "Крапіва".

Хоць пісьменнік шмат займаўся самаадукацыяй, але востра адчуваў недахоп ведаў, іх сістэмы. У 30-гадовым узросце ён паступае на педагагічны факультэт БДУ. Тут пачалася яго навуковая дзейнасць.

Працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце (1925-1926), загадчыкам аддзела ў часопісе "Полымя рэвалюцыі" (1932-1936).

У 1939 годзе Кандрата Крапіву, ужо знакамітага пісьменніка, зноў прызвалі ў армію, і ён у якасці камандзіра стралковай роты ўдзельнічаў у паходзе Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), а затым у савецка-фінляндскай вайне ў 1939-1940 гады.

Вялікая Айчынная вайна стала для К. Крапівы фактычна пятай па ліку. Але на гэты раз ён ужо ваяваў пісьменніцкай зброяй. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў у франтавой газеце "За Савецкую Беларусь", у 1943-1945 гг. рэдагаваў сатырычную газету-плакат "Раздавім фашысцкую гадзіну".

У пасляваенныя гады Кандрат Крапіва працягваў журналісцкую працу. З заснаваннем у 1945 годзе сатырычна-гумарыстычнага часопіса "Вожык" быў да 1947 года яго галоўным рэдактарам.

З 1947 года і амаль да канца жыцця Кандрат Крапіва працаваў у Акадэміі навук Беларусі. Спачатку загадваў сектарам мовазнаўства ў Інстытуце мовы і літаратуры АН БССР (1947-1952), а са стварэннем асобнага Інстытута мовазнаўства АН БССР і да 1956 года быў яго дырэктарам.

У 1946 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце I сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1956 – па студзень 1982 гг. - віцэ-прэзідэнт АН БССР. Са студзеня 1982 г. па сакавік 1989 г. - вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант у аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Доктар філалагічных навук, акадэмік АН БССР. Неаднаразова абіраўся дэпутатам (1947-1990), старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Аўтар літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў, лінгвістычных прац, адзін з навуковых рэдактараў (з Я. Коласам і П. Глебкам) "Русско-белорусского словаря" (1953), навуковы рэдактар "Беларуска-рускага слоўніка" (1962, выданне 2-е перапрацаванае і дапоўненае ў 1988-1989), "Русско-белорусского словаря" (выданне 2-е, перапрацаванае і дапоўненае, 1982), "Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы" ў 5 тамах (1977-1984) і інш.

На беларускую мову пераклаў асобныя працы І. Крылова, А. Пушкіна, М. Гогаля, А. Астроўскага, А. Чэхава, У. Маякоўскага. А. Твардоўскага, Т. Шаўчэнкі і інш.

К. Крапіве тройчы прысуджаліся Дзяржаўныя прэміі СССР: у 1941 г. - за п'есу "Хто смяецца апошнім", у 1951 г. - за п'есу "Пяюць жаваранкі", у 1971 г. - за комплекс прац у галіне беларускай лінгвагеаграфіі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1974) за п'есу "Брама неўміручасці". Народны пісьменнік БССР (1956). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).

Памёр Кандрат Крапіва 7 студзеня 1991 года, крыху не дажыўшы да свайго дзевяностапяцігоддзя. Пахаваны ён на Усходніх могілках г. Мінска.