Осуществляем набор в группы по переподготовке водителей механических транспортных средств категории «В» на право управления транспортными средствами категории «С» и водителей механических транспортных средств категории «С» на право управления составами транспортных средств категории «СЕ». Желающие дополнительно могут пройти подготовку на сертификат водителя-международника.

Справочная информация и запись по телефонам 80171860967, +375297004306 (МТС), +375295020275 (МТС).

Паўлюк Трус

Паўлюк Трус

(1904 -1929)


Край легенд,

Крыжоў, магіл-курганаў,

Край тугі —

Бальзам жывых крыніц...

Край паэм,

Адвечных песенъ-казак —

Дарагая сэрцу

Беларусь...

Паўлюк (Павел Адамавіч) Трус — адна з самых яскравых постацей беларускай літаратуры. Ён нарадзіўся 6 мая 1904 г. у прыгожым кутку Беларусі — у вёсцы Нізок, што на Уздзеншчыне. Побач з вёскай цячэ празрыстая рачулка Уса, якая ўпадае ў Нёман. У гэтай самай вёсцы нарадзіўся знакаміты мастак слова Кандрат Крапіва, вядомая беларуская пісьменніца Лідзія Арабей.

Як прыгадвае сам паэт у аўтабіяграфічных нататках, жылося ў дзяцінстве нялёгка на дзвюх бацькавых дзесяцінах зямлі. Вось яго словы пра гэта: "З ранніх дзіцячых гадоў выхоўваўся ў цёмнай сялянскай сям'і. Сям'я жыла бедна, што адбілася на выхаванні дзяцей". А вось як выказваецца на гэты конт лепшы сябра Труса, таксама з Уздзеншчыны, пісьменнік, акадэмік Пятро Глебка: "На хлеб сям'і Адам Трус зарабляў сталяркай. Дзеці з 9—10 гадоў ішлі ў пастухі. Паўлюку Трусу, як старэйшаму, давялося паспытаць парабкоўскага хлеба першаму".

Нягледзячы на беднасць і нястачы, бацька вырашыў даць адукацыю свайму старэйшаму сыну і адпусціў яго вучыцца ў Уздзенскую сямігодку. Лёгка апранены, не заўсёды сытна накормлены, юнак зімой туліўся ў школьным інтэрнаце, а ў цяплейшую пару хадзіў па навуку штодзень пехатою за сем кіламетраў. Вучыўся старанна. Асабліва любіў маляваць, спяваць і сачыняць вершы, некаторыя з якіх запісваў у сшытак. Вельмі падабаўся сябрам, бо быў вясёлы, просты, камунікабельны. Мог бескарысліва падзяліцца з сябрамі астатніцай з таго, што сам меў. Як прыгадваюць людзі, што яго блізка ведалі, нават зімою хадзіў у вопратцы наросхрыст, без шапкі, падстаўляючы галаву ветру, дажджу ці снегу.

У 1923 г. сямігодка была скончана. Малады, няўрымслівы юнак паступае вучыцца ў Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум — сапраўдную кузню нацыянальна свядомай інтэлігенцыі, настаўніцтва ў даваенны час. Вучыўся паэт добра, старанна. Шмат друкаваўся ў перыёдыцы, меў у сваім актыве паэтычны зборнік з нейтральнай, сціплай назвай — "Вершы" (1925), чакаў выхаду другога, што адбылося ў 1927 г., напрыканцы заканчэння навучальнай установы, — "Ветры буйныя". Другі зборнік быў заўважаны крытыкамі, сябрамі па літаратурным цэху — аб'яднанні "Маладняк", у які паэт быў прыняты ў 1924 г.

Увесну 1927 г. паэт закончыў тэхнікум, атрымаў дыплом настаўніка і быў накіраваны на працу ў Гомельскую вобласць. Праўда, настаўнічаць не давялося — выконваў абавязкі загадчыка аддзела ў абласной газеце "Палеская праўда" (1927—1928). Кіраваў абласной філіяй БелАППа, часта ездзіў па раёнах, выступаў з вершамі, дакладамі. З перапіскі Труса з сябрамі відаць, што ён у Гомелі жыў напружаным духоўным жыццём, наведваў тэатральныя спектаклі, наладжваў літаратурныя справы, клапаціўся пра лёс слоўнага мастацтва на Беларусі.

У 1928 г. Паўлюк Трус быў на сустрэчы выпускнікоў Белпедтэхнікума ў вышытай Марыяй Германовіч кашулі, спяваў у хоры, быў вясёлы, узбуджаны. 26 чэрвеня 1928 г. паэт напісаў заяву аб прыняцці яго студэнтам літаратурналінгвістычнага аддзялення педагагічнага факультэта БДУ, з якой можна даведацца, што ён свядома паехаў у Гомельскую вобласць як новадалучаны да Беларусі рэгіён з ярка выражанымі асветніцкімі мэтамі: "Калі я стаў сустракацца з людзьмі, якія не ведаюць і нават не хочуць прызнаць, што існуе нейкая Беларусь, не гаворачы ўжо аб яе багатым гістарычным мінулым, то гэта яшчэ больш надавала мне ахвоты абудзіць у людзей забытую імі нацыянальную свядомасць, абудзіць сярод іх любасць да Беларусі, у прыватнасці да беларускае мовы і літаратуры". Ну а вучыцца ва універсітэце ён хацеў таксама свядома, "бо толькі тады той ці іншы пісьменнік зможа даць.што-небудзь каштоўнае для беларускай літаратуры, калі ён будзе чалавекам усебакова асвечаным, чалавекам культурным у шырокім сэнсе гэтага слова". Падобная пазіцыя характарызавала мастака слова, які прызнаваў, што актыўная грамадская праца забірае шмат часу, не дае магчымасці рэалізавацца таленту. Акрамя гэтага, многія лісты Труса поўняцца разуменнем таго, што палітыка і мастацтва — рэчы несумяшчальныя, што літаратурная барацьба не павінна быць розгаласам ці адбіткам партыйнай, ідэалагічнай барацьбы.

У 1928 г. паэт пераязджае з Гомеля ў Мінск, жыве на вуліцы Шпітальнай у маленькім пакойчыку разам з Міколам Хведаровічам. Чытае зборнікі паэзіі Янкі Купалы, Міхася Чарота, Уладзіміра Дубоўкі, Алеся Дудара, Язэпа Пушчы, рускіх паэтаў Уладзіміра Маякоўскага, Сяргея Ясеніна, Мікалая Ціханава, Міхаіла Святлова. Многа пісаў, у тым ліку паэму "Дзесяты падмурак", якую прысвяціў 10-й гадавіне Кастрычніка. Часам дэкламаваў любімы верш Маякоўскага "Левы марш" позна вечарам, за што атрымліваў вымовы ад гаспадара кватэры. Найбольш значныя лірычныя творы гэтай пары — "Паэтаў уславяць народы", "На чырвонай дарозе", "Ліст да сястры", "Як пажоўкнуць лісты", "Думы" — прасякнуты радасным настроем:


Мы выйдзем з думамі

ў бяскрайнія прасторы,

Абсыплем ружамі

адвечную красу.

I ў змроках-цемені

дзе недапіта радасць,

Мы скажам з гордасцю:

— Ты, маладосць, красуй!..


Нягледзячы на дэфіцыт часу, паэт здолеў наведаць Капыльшчыну, радзіму Цішкі Гартнага, пабачыць маці першага Старшыні першага Урада Беларусі. Не абмінуў Трус і вёску Нізок, дзе адбылася апошняя яго сустрэча з хворай маці, якую і пахаваюць без сына 16 снежня 1928 г., пакуль той знаходзіўся ў творчай камандзіроўцы па заданні БелАППа (у гэту арганізацыю ён уступіў, пакінуўшы мары пра "Узвышша"). Абставіны ў краіне памяняліся: узмацнілася цэнзура на літаратурныя творы, крытыкаваліся члены "Узвышша", згушчаліся хмары над галовамі лепшых сыноў і дачок Радзімы. Зімой 1929 г. паэт жыў на ўскраіне Мінска, у Серабранцы, надта бедна. Ускладніліся адносіны з былымі сябрамі. Апошнія месяцы года працаваў у Беларускім радыёкамітэце супрацоўнікам літаратурнай рэдакцыі. Здаўшы летнюю сесію за першы курс, наведаў малую радзіму, свой незабыўны Нізок і паехаў у камандзіроўку па Магілёўшчыне. Як аказалася, у апошнюю. Вярнуўся ў Мінск у сярэдзіне жніўня з адчуваннем нейкай цяжкай хваробы. Змог сустрэцца.з М. Хведаровічам, П. Глебкам, В. Шашалевічам у Ждановічах пад Мінскам. Стала кепска. Пехатой дабрыў да Мінска, да бальніцы. Там прадставіўся студэнтам. Нікога не турбаваў. Хвароба аказалася запушчанай, невылечнай — тыфус.

30 жніўня 1929 г. Труса не стала. Яму было толькі 25 гадоў. Хаваў яго літаральна ўвесь Мінск. У ганаровай варце стаялі Купала, Колас, Гарэцкі, Крапіва, Бядуля, Чорны, Глебка, іншыя літаратары, прадстаўнікі ўладных структур. Так абарвалася жыццё светлага талента, шчырага лірыка. На смерць паэта адгукнуліся вершамі, допісамі, тэлеграмамі многія-многія людзі, у тым ліку П. Глебка, М. Гарэцкі, М. Хведаровіч, А. Звонак, М. Лужанін, А. Русак.