Осуществляем набор в группы по переподготовке водителей механических транспортных средств категории «В» на право управления транспортными средствами категории «С» и водителей механических транспортных средств категории «С» на право управления составами транспортных средств категории «СЕ». Желающие дополнительно могут пройти подготовку на сертификат водителя-международника.

Справочная информация и запись по телефонам 80171860967, +375297004306 (МТС), +375295020275 (МТС).

Удзел у аўтамотапрабегу напярэдадні святкавання Вялікай Перамогі


6 мая 2017 года навучэнцы ўстановы адукацыі «Уздзенскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй» абралі ўдзел у раённым аўтамотапробегу, які быў прысвечаны памяці землякоў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, і прымеркаваны 72-й гадавіне Вялікай Перамогі.

У гісторыі нашай краіны Вялікая Айчынная вайна пакінула незагойную рану. Здаецца, шмат часу прайшло, але трагічныя падзеі тых гадоў і сёння трывожаць сэрцы многіх, адгукаюцца невыносным болем. А колькі людзей не вярнулася дадому! А іх, хто змагаўся з ворагам, так чакалі матулі, жонкі, дзеці…

Ведаць і не забываць праўду пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны важна ў першую чаргу маладому пакаленню. Для гэтага вывучаюцца творы ваеннай тэматыкі, праходзяць урокі памяці, ладзяцца сустрэчы з ветэранамі вайны. Не менш дзейсны выхаваўчы сродак – аўтамотапрабегі па месцах баявой славы. Асноўная іх мэта – выхаванне ў моладзі павагі да герояў Вялікай Айчыннай вайны, подзвігу беларускага народа, які абараняў нашу Радзіму ад фашысцкіх захопнікаў і падарыў нам незалежнасць.

Сёлетні аўтапрабег прайшоў напярэдадні Дня Перамогі. Старт яму быў дадзены ў райцэнтры каля помніка «Вызваленне».

Многае змянілася за больш як семдзесят гадоў: адрадзіліся з руінаў гарады і вёскі, з новай магутнасцю запрацавалі заводы і фабрыкі. Здаецца, свае раны залячыла і прырода. Аднак памяць пра тых, хто цаной сваіх жыццяў падарыў нам Перамогу, жыве… У помніках, абелісках… У нашых сэрцах.

Усё менш становіцца людзей, хто абараняў Бацькаўшчыну ад ворага, прайшоў вайну ад пачатку да канца, дапамагаў аднаўляць гаспадарку краіны. Удзельнікі і ветэраны вайны памятаюць дні, праведзеныя ў баях і паходах, быццам гэта было ўчора. Ім не трэба перабіраць нейкія запісы, настолькі глыбокі адбітак на іх сэрцах і ў душах пакінула вайна. Сярод такіх – Уладзімір Звярынскі з вёскі Хароміцкія, які сёлета разам з удзельнікамі аўтамотапрабегу пераадолеў не адзін дзясятак кіламетраў.

Уладзімір Фролавіч прайшоў нялёгкімі франтавымі дарогамі. Зведаў бамбёжку Мінска, які, калі горад палаў, пакідаў разам з сябрамі. Вярнуўся ў родную вёску, узяў у рукі зброю, стаў дапамагаць партызанам, потым яго прызвалі ў армію. На баявым шляху ветэрана былі і паспяховыя аперацыі, і боль ад страты аднапалчан. У адным з баёў ён быў цяжка паранены, трапіў у шпіталь, дзе і сустрэў вестку пра перамогу над ворагам. Пінжак з узнагародамі ветэран апрануў і ў гэты дзень.

Удзельнікі аўтамотапрабегу рабілі прыпынкі каля помнікаў. Пра падзеі, якія адбыліся ў гэтых населеных пунктах у гады вайны, расказвалі супрацоўніцы музея Кацярына Якубоўская і Сабіна Жукавец.

У Цялякаве ў гады вайны дзейнічала падпольная група пад кіраўніцтвам Макара Шымановіча. У брацкай магіле пахаваны 35 воінаў і партызан, сярод іх – партызаны 200-й брыгады імя У. Ракасоўскага і 300-й брыгады імя К. Варашылава. У 1956 годзе тут пастаўлены абеліск.

На Уздзеншчыне разам з жыхарамі згарэлі тры вёскі: Старына, Астравок і Рудкова. Старына знаходзілася за паўтара кіламетра на захад ад вёскі Валодзькі. Да вайны тут жылі 50 чалавек. 2 студзеня 1942 года фашысты правялі карную аперацыю: знішчылі 47 жыхароў, сярод якіх — 12 жанчын і 24 дзіцяці. Вёску спалілі, маёмасць разрабавалі. Пасля вайны вёска так і не адрадзілася.

З Валодзькаў з поля бою дадому не вярнуліся дзевяць франтавікоў, некаторыя з іх лічацца прапаўшымі без звестак. У брацкай магіле на могілках у Валодзьках пахаваны 47 жыхароў са Старыны. Старэйшаму з загінуўшых, Ягору Дзмітрыевічу Дзядзюлю, было 69 гадоў, а малодшай ахвяры вайны Ганне Чэрнік не споўнілася нават і месяца.

Вёска Цеплень. У 1941 годзе тут размясціўся фашысцкі гарнізон. Партызаны не дазволілі ворагу затрымацца надоўга. Каб кампенсаваць страты, немцы частку мясцовага насельніцтва расстралялі, іншых хацелі вывезці ў Германію. Аднак партызаны атрада «Буравеснік» парушылі іх планы. Фашысты вярнуліся сюды праз два гады: спалілі вёску і суседнія з ёю Кашканы, Каранеўскія, Падзелень, Рыбакоўшчыну, Трысцянец.

7 студзеня 1943 года разам з жыхарамі была спалена вёска Рудкова. Пра колішнюю вёску і яе жыхароў сёння нагадвае схаваны сярод дрэў помнік.

Далей – Каладзіно, дзе ў гады вайны размяшчаліся явачная кватэра і штаб партызанскай брыгады «Буравеснік». Устаноўлены ў лесе помнік – гэта наша памяць і ўдзячнасць тым, хто ні днём, ні ноччу не даваў спакою ворагам, прынёс нашаму народу доўгачаканае вызваленне.

Менавіта тут, сярод партызанскіх бяроз і соснаў, удзельнікі аўтамотапрабегу зрабілі прывал. На свежым паветры салдацкая каша і чай на зёлках падаліся асабліва смачнымі.

Цікава было назіраць за моладдзю. Юнакі і дзяўчаты лавілі кожнае слова супрацоўніц музея, і да ветэрана ў іх было шмат пытанняў. У чарговы раз прыгадала верш Веры Вярба:

Я не глытала па акопах дымку

І франтавых не ведаю дарог.

Калі я нарадзілася, Радзіма,

Ты адзначала свята Перамог…

Так, пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны мы ведаем з кніг, фільмаў. Цяжка і балюча ўспрымаць і ўсведамляць усё тое, праз што прайшлі салдаты, партызаны, падпольшчыкі. Асабліва, калі ты чуеш расповед самога ўдзельніка вайны…

Наступны прыпынак быў зроблены каля абеліска ў вёсцы Лоша. Пра гераічны бой чырвонаармейцаў з ворагам, які адбыўся тут 29 чэрвеня 1941 года, расказалі супрацоўніцы музея. Узгадалі імёны піянераў Віці Рамановіча і Паўліка Барсука, якія аказвалі дапамогу ў барацьбе з фашыстамі. Не застаўся без увагі і такі факт: дзякуючы знойдзенай салдацкай капсуле са звесткамі, удалося ўстанавіць імя аднаго з загінуўшых тут чырвонаармейцаў Афанасія Піліпавіча Шэхаўцова з Чалябінскай вобласці, на перазахаванні астанкаў якога ў 1980 годзе прысутнічалі яго родзічы.

Апошні пункт маршруту – вёска Хароміцкія. Месца, дзе загінуў Марат Казей. Прывітаць удзельнікаў аўтамотапрабегу прыйшлі мясцовыя жыхары, старшыня Слабадскога сельвыканкама Таццяна Пракацень. Некалькі слоў пра гераічны подзвіг юнага піянера, пасля да помніка былі ўскладзены кветкі.

Кветкі памяці ўдзельнікі аўтамотапрабегу ўсклалі ля помніка воінам-інтэрнацыяналістам на бульвары Дзяржынскага ў райцэнтры.

У памяці кожнага ўдзельніка засталіся пачутыя словы, што выклікалі слёзы і хваляванне, ускладзеныя да помнікаў кветкі, якія служаць жывым сімвалам памяці і ўдзячнасці тым, хто падарыў нам жыццё і светлае будучае…

Удзел у аўтамотапрабегу напярэдадні святкавання Вялікай Перамогі стаў традыцыйным для навучэнцаў нашай установы.


Паводле публiкацый газеты «Чырвоная зорка»